Навіны

Двухкроп'е — гэта толькі пачатак

18.01.2008

У лютым адбудзецца прэзентацыя чацвёртага альбома беларускай бардэсы Таццяны Беланогай ”Двухкроп'е”. Кружэлка стала вынікам цэлага года напружанай працы Таццяны: запісу, афармлення і дапрацоўкі матэрыяла. Магчымасць зрабіць альбом з дапамогай прафесіяналаў бардэса атрымала, дзякуючы сваёй перамозе ў Міжнародным Фестывалі Бардаў “OPPA 2006” (Польшча). “Двухкроп'е” выйшла гэтай восенню і было прэзентавана спачатку ў Варшаве. Цяпер Т.Беланогая плануе пазнаёміць з ім сваіх беларускіх прыхільнікаў.

Таццяна Беланогая скончыла прыродазнаўчы факультэт БДПУ. Там на студэнцкім фестывалі песні і паэзіі “Зоркі над Мінскам” упершыню прагучалі песні, якія яна дагэтуль “нікому ніколі не паказвала”. Гэты выступ Таццяна называе важнай падзеяй у сваім жыцці. Тое, што аўдыторыя прыняла і зразумела яе творчасць, надало 18-гадовай дзяўчыне сілаў, каб рухацца далей. А там яе чакала знаёмства з вядомым беларускім бардам Алесем Камоцкім і выступы на “вялікай сцэне”. У 2004 годзе Таццяна Беланогая стала лаўрэатам фестывалю “Бардаўская восень”, у 2005 - атрымала перамогу ў музычным конкурсе “Зоркі Маладзечна”.

Сёння, нягледзячы на свой малады ўзрост, беларуская бардэса мае ўжо 4 выдадзеных альбомы. Прычым, тры з іх (“Там, дзе мы” (2004), “Пабачыць сьвет” (2006), “Система координат”(2007) былі зроблены ў сапраўды “спартанскіх” умовах. Часам нават даводзілася спяваць песні “проста на кухні, у пераматаны скотчам мікрафон”.

Перамога ў “ОРРА 2006” дала магчымасць Т.Беланогай запісаць свой матэрыял у спрыяльных умовах, з удзелам прафесійных музыкаў (бубнач А.Сазонаў, скрыпач К.Карапецян, віяланчэлістка Ю.Глушыцкая, флейціст У.Ліхашапка, гітарыст Зм.Крамушчанка, гукарэжысёр А.Чыжык).

Таму, на словы Таццяны, якасна альбом адчувальна выходзіць з шэрагу папярэдніх, з'яўляецца “новым ва ўсіх сэнсах”:

“Двухкроп'е” - альбом пра каханне. У ім я паспрабавала адысці ад сацыяльнай тэматыкі, распавесці пра ўнутраны свет чалавека, адносіны між людзьмі. Гэтая кружэлка змясціла і новыя песні, і ўжо спяваныя раней, але сыграныя па-іншаму. Назва альбома гаворыць пра дзве кропкі, дзвюх асоб, з якіх адбываецца пэўны працяг - сям'я, адносіны. Калі ж глядзець з філалагічнага пункту погляду, то кропка ў канцы сказа азначае скончаную думку, двухкроп'е ж паказвае не на завяршэнне, а на тое, што будзе далей. Свой першы прафесійны альбом я лічу толькі пачаткам таго, што, з Боскай помаччу, яшчэ спадзяюся сказаць у будучым” .

Пытайцеся альбом у прыватных распаўсюднікаў, сядзібе БНФ, музычных крамах, а таксама можна зьвяртацца на нумар: 6490888 і email: w1979@tut.by

Дар'я Гарошка