Тацьцяна Беланогая: «Двукроп'е – гэта толькі пачатак»
15.01.2008
Надзея беларускай бардаўскай песьні Тацьцяна Беланогая запісала свой першы прафэсійны альбом – ня толькі з гітараю, але і з скрыпкай, віялянчэльлю, флейтай і бубнамі. Сярод музыкаў, якія ўзялі ўдзел у працы над альбомам «Двукроп'е» – знаны скрыпач Карэн Карапецян (KRIWI, «Харлі») і віялячэлістка Юлія Глушыцкая («Новае Неба», «Сястра»). Прэзэнтацыя дыску ўжо адбыалася ў Варшаве, а ў Менску сваю новую праграму Тацьцяна пакажа ў лютым. «Кропка пры канцы сказа азначае скончаную думку, двукроп'е ж паказвае не на завяршэньне, а на тое, што будзе далей».
У лютым адбудзецца прэзэтацыя чацьвертага альбома беларускай бардэсы Тацьцяны Беланогай «Двукроп'е». Кружэлка стала вынікам цэлага году напружанай працы Тацьцяны: запісу, афармленьня і дапрацоўкі матэрыялу. Магчымасьць зрабіць альбом з дапамогай прафэсіяналаў сьпявачка атрымала дзякуючы сваёй перамозе ў міжнародным фэстывалі бардаў «OPPA 2006» (Польшча). «Двукроп'е» выйшла гэтай восеньню і было прэзэнтаванае спачатку ў Варшаве. Цяпер Беланогая плянуе пазнаёміць зь ім сваіх беларускіх прыхільнікаў.
Тацьцяна Беланогая скончыла прыродазнаўчы факультэт БДПУ. Там на студэнцкім фэстывалі песьні і паэзіі «Зоркі над Менскам» упершыню прагучалі творы, якія яна дагэтуль «нікому ніколі не паказвала». Гэты выступ Тацьцяна называе важнай падзеяй у сваім жыцьці. Тое, што аўдыторыя прыняла і зразумела яе творчасьць, надало 18-гадовай дзяўчыне сілаў, каб рухацца далей. А там яе чакала знаёмства зь вядомым беларускім бардам Алесем Камоцкім і яшчэ больш сур'ёзныя выступы. У 2004 годзе Тацьцяна Беланогая стала ляўрэатам фэстывалю «Бардаўская восень», у 2005 – атрымала перамогу ў музычным конкурсе «Зоркі Маладэчна».
Сёньня, нягледзячы на свой малады ўзрост, беларуская бардэса мае ўжо 4 выдадзеныя альбома. Прычым, тры зь іх («Там, дзе мы» (2004), «Пабачыць сьвет» (2006), «Система координат» (2007)) былі зробленыя ў сапраўды «спартанскіх» умовах. Часам нават даводзілася сьпяваць песьні «проста на кухні, у пераматаны скотчам мікрафон».
Перамога ў «ОРРА 2006» дала магчымасьць Тацьцяне Беланогай запісаць свой матэрыял у спрыяльных умовах, з удзелам прафэсійных музыкаў (бубнач А. Сазонаў, скрыпач К. Карапецян, віялянчэлістка Ю. Глушыцкая, флейціст У. Ліхашапка, гітарыст З. Крамушчанка, гукарэжысэр А. Чыжык).
Таму, са словаў Тацьцяны, якасна альбом адчувальна выходзіць з шэрагу папярэдніх, зьяўляецца «новым ва ўсіх сэнсах»:
«„Двукроп'е“ – альбом пра каханьне. У ім я паспрабавала адысьці ад сацыяльнай тэматыкі, распавесьці пра ўнутраны сьвет чалавека, адносіны між людзьмі. Гэтая кружэлка зьмясціла і новыя песьні, і ўжо сьпяваныя раней, але сыграныя па-іншаму. Назва альбома гаворыць пра дзьве кропкі, дзьвюх асобаў, пра пэўны працяг – сям'я, адносіны. Калі ж глядзець зь філялягічнага пункту погляду, то кропка пры канцы сказа азначае скончаную думку, двукроп'е ж паказвае не на завяршэньне, а на тое, што будзе далей. Свой першы прафэсійны альбом я лічу толькі пачаткам таго, што, з Боскай помаччу, яшчэ спадзяюся сказаць у будучым».
Альбом «Двукроп'е» можна знайсьці ў прыватных распаўсюднікаў ці замовіць праз эл.пошту: w1979@tut.by