Навіны

Двухроп'е на гітарным грыфе

25.06.2008

У 6-ым нумары новай інтэрнэт-газэты Neopolis Music інтэрвію зь сьпявячкай Тацьцянай Беланогай і шмат яшчэ цікавага.

Унёсак польскага боку ў беларускую культуры неацэнны. Без яго не здзейсніўся б цэлы шэраг вельмі патрэбных праектаў, не з'явілася б вялікая колькасць беларускіх кліпаў, складанак. І каб не перамога ў Міжнародным Фестывалі Бардаў «Oрра 2006» у Польшчы, наўрадці б у хуткім часе афіцыйна і прафесійна былі б запісаныя і выданыя песні самай яркай і адметнай бард-рокершы Беларусі Таццяны Беланогай. Сваім альбомам «Двукроп'е» аўтарка нібы запрашае да дыялогу, пачынае гаварыць з тым, хто толькі бярэ ў рукі дыск, разглядае вокладку, ставіць кружэлку ў прайгравальнік і пасля ўжо сам не заўважае, як трапляе ў вір глыбокіх метафар і сімвалаў… Натуральна, што хочацца разблытаць усе паэтычныя вузлы і дазнацца больш пра дзяўчыну, якая так незвычайна і абвострана адчувае жыццё.

— Памятаю, калі я першы раз рабіла з табой інтэрв'ю, ты жыла ў студэнцкім інтэрнаце і нават не мела музычнага цэнтра і казала, што ня ведаеш Янку Дзягілеву, з якой цябе актыўна параўноўвалі. Зараз ты слухаеш музыку? Што табе падабаецца?

— Зараз я і музыку слухаю, і фільмы файныя гляджу. Слухаю Джонні Кэша, Рэнё, Новае Неба. А што тычыцца Янкі… Першы раз я пачула яе гадоў у 18. Гэта было такое напластаванне. Я прыехала ў горад. Вялікі горад, які топча маленькіх геніяў, а я наогул — ніхто. Я проста студэнтка, і я адчуваю, што мне вельмі дрэнна і я хачу дадому. Сялюся ў пакой, дзе дзяўчына слухае Янку. І мне пары песень у прынцыпе хапіла, але каб сядзець на ёй і праслухоўваць па некалькі разоў адзін і той жа альбом? Яна вельмі чапляе, можа быць мяне нешта кранула і перадалося. Таму Янку я не слухаю, а Башлачова, напрыклад, на памяць ведаю.

— А ці не пад яе ўплывам ты пачала пісаць песні? як наогул усё пачыналася?

— Я пісала песні да таго, як пачула Дзягілеву, хаця мажліва, што ейная геніяльнасць пакінула на мне нейкі адбітак. З 16 гадоў, але можа першая песня была нават у 14-ць. Нешта накшталт «нашыя рукі зарастаюць жалезам». А выйшла на сцэну і заспявала ў 18. Ва ўніверы я сказала, што маё хобі — граць на гітары. І як у нас гэта бывае, калі ты малюеш, пяеш, граеш — ты залаты чалавек для факультэта. Да мяне прыйшла замдэкана і папрасіла паспяваць. Я выконвала песню на тэкст Яўгеніі Янішчыц і не думала, што ў ноты не трапляю. Я нот не ведала і да гэтага не ведаю. У нас людзі вельмі скрытныя. Ім нават калі нешта спадабалася, яны будуць глядзець і думаць: «Божа, які чалавек!». А проста каб падысці, спалучыцца, у нас такога бракуе. Проста пасля ў групе з'явілася некалькі дзяўчат, якім падабаліся мае песні і яны прасілі: «Таня, праспявай што-небудзь пра каханнне». Гэта былі мае першыя слухачы. А потым у нас ва ўніверсітэце ладзіліся вечарыны для студэнтаў, дзе я пазнаёмілася з Алесем Камоцкім і ён запрасіў мяне на «Бардаўскую восень», дзе я заняла першае месца 4 гады таму.

— А ў цябе былі планы стаць музыкай?

— Што ты! Калі я паступіла ў Мінск, мне наогул дзіка было думаць пра планы. Я тады жыла з адной думкай і мэтай — вырвацца з гэтага гораду. Не спадабаўся вельмі. Мінск — гэта жорсткі горад. А я рак па гараскопу мне важна дом, мама… Гэта разрыў будзе вельмі цяжкам. Я не ведаю, што будзе заўтра, сёння я музыка, а што будзе праз 10 год?

— А ці цяжка быць у нашай краіне беларускамоўнай дзяўчынай — бардам?

— Не, але цяжка змагацца з нашай ментальнасьцю і з закасцянеласьцю мысьлення. Я разумею, чаму у нас мала творчых людзей старэйшага пакалення: яны заўсёды думаюць, як зарабіць на кавалак хлеба і ў іх няма вольнага часу задумацца. Я думаю, шматлікія паняцці ў такіх людзей пераблытаныя. Хаця ведаеш, я бардам сябе адчувала, калі ў мяне было пару песень am Dm E am. І гэта бард, хаця ты разбейся. А калі ты граеш на іншых акордах і пачынаеш біць па струнах, а не перабіраць, на цябе барды ўжо коса паглядваюць. А як туды яшчэ якую-небудзь перкусію дадаць, ад барда нічога не застанецца. Бардавая музыка больш лірычныя і мяккая, а мне падабаецца больш бард-рок, такі агрэсіўны і з наездам. Таму бард я толькі праз вызначэнне «музыка і гітара».

— У цябе, здаецца, быў эксперымент грання з гуртом? Ці не плануеш, як Умка, займець сабе інструментальны «Бранявік»?

— Я шмат планую, але, як сказаў Артур Клінаў (прым. аўтара — беларускі мастак, аўтар кнігі «Горад Сонца»), каб зрабіць нешта ТУТ, патрабуецца нашмат болей энэргіі, чым ТАМ. Ёсць плён, і я рада, што ён ёсць. Што будзе далей — паглядзім.

— Можа таму апроч цябе і маладых бардаў не чуваць?

— Гэта пытанне не да мяне, а да тых, хто не іграе. І чаму не іграюць? Шмат іграюць. Проста слухачы у нас занадта любяць крытыкаваць, і няма ў нас салідарнасьці. Я думаю, яны і так шмат зрабілі, калі заспявалі.

— То бок заспяваць, гэта цяжка?

— Мне падаецца, што песні ўсё ж кажуць за лірычнага героя, і калі песня такая сумная, значыць я па-любому перажывала гэтую эмоцыю. Можа, я яе адну гадзіну перажывала, а ўсе астатнія бесілася, і мне было афігенна добра, але я ж яе перажыла. А напэўна такія выключна пакуты ў мяне былі ў ранейшых песнях, зараз у іх больш надзеі. Штосьці ўсё ж памянялася.

— Ты сама лічыш свае песні ў пэўнай ступені дэпрэсіўнымі і выпакутаванымі?

— Можна, я вельмі востра адчуваю Жыццё. Раней людзі пыталіся, чаму ў мяне такія сумныя песні. І я нават чула: «Не, на Беланогую не пайду, яна дэпрэсняцкая». Калі выходзіш і спяваеш людзям адразу хіт такі вясёлы, мне гэта нецікава. А калі адчуваецца шлях праз пакуты, як прадзіраешся праз свае праблемы… Мне гэта прыкольна. І, знаходзячыся ўнізе, я думаю можа, і праўда мне нешта такое рокавае залабаць? Такім чынам я пачынаю расці.

— А як адчуваеш сябе, калі песня даходзіць да патрэбнай выкшталцонай формы?

— Як быццам у мяне штосьці аднялі. Трэба пачынаць новую. Бо ўнутры існуе нібыта яма, сасуд і калі песня прыходзіць, то ён наліваецца. А як форма ўжо гатовая, поўная, яна некуды сыходзіць. І перад табой новая форма… Я думаю, што гэта добра, бо калі наперадзе цябе нешта чакае, ты ведаеш, што зноў будзе праца, ты шчаслівы чалавек. Бо спуштошанасць вартая таго, каб быць, яна рухае наперад. Мне цяжка, напрыклад, калі ў мяне ёсць песні, незапісаныя на альбом. Зараз іх ужо 20, і я не магу думаць пра нейкія іншыя. Магчыма, нешта трэба пераглядаць. Напісаць 100 песень, выбраць, канцэпцыю нейкую знайсці. Але я іду па шляху развіцця, і для мяне ўсе створанае ёсць пэўным этапам.

— Пра што будзе твая наступная песня?

— Пра рок-н-рол. Трэба рушыць далей і шукаць светлыя бакі жыцця.