Каралева гітары, або нашым талентам апладзіруе Польшча
10.10.2006
Адзінаццаць гадоў запар у польскім горадзе Бельск-Падляскі праводзіцца фестываль-конкурс беларускай песні «Бардаўская восень». Сёлета яго пераможцай стала студэнтка факультэта прыродазнаўства нашага універсітэта Таццяна Беланогая. Маладая таленавітая спявачка была ўзнагароджана гітарай і грашовым прызам, а яе выступленне прагучала ў прамым эфіры польскага радыё разам з песнямі іншых лаўрэатаў — знакамітых гуртоў «Уліс» і «Zero 85».
У фестывалі бралі ўдзел як пачынаючыя барды, так і знакамітыя майстры гэтага музычнага жанру. Арганізатарам мерапрыемства выступіў вядомы бард і паэт Беларусі Алесь Камоцкі. Папярэдняе праслухоўванне праводзілася ў Доме літаратара. І там жа вызначалася, хто паедзе на конкурс. За права выступіць перад польскімі аматарамі бардаўскай песні змагаліся людзі рознага ўзросту, роду заняткаў, якіх аб’ядноўвала любоў да музыкі і роднага слова.
З Таццянай Беланогай мяне звязваюць гады сяброўства, інтэрнацкае жыццё-быццё і сумесныя вандроўкі па Беларусі. Таму, калі на рэдакцыйнай планёрцы вырашалася, хто будзе браць інтэрв’ю ў пераможцы «Бардаўскай восені», мая кандыдатура не аспрэчвалася.
— Таццяна, калі ты адчула, што музыка — гэта тваё?
— Першы раз узяла ў рукі гітару, калі мне было 14 гадоў. А праз паўгода ўжо спявала сябрам і нават выступала ў летніку. Спачатку гэта былі так званыя дваровыя песні і, канешне, пра каханне.
— А калі пачала пісаць уласныя творы?
— Спачатку я зусім не сябравала з вершаваным словам. Мае тэксты былі такія нязграбныя, што іх няварта было каму-небудзь паказваць. Першую сваю песню я напісала ў 16 гадоў. Гэта быў перыяд майго сталення, калі я зразумела, што свет вельмі недасканалы. Асабістыя перажыванні знайшлі адлюстраванне ў вершах. Яны пісаліся пад уплывам творчасці Віктара Цоя, Сашы Башлачова, гуртоў «Nau», «Уліс», «NRM», «Бітлз». Рок-н-ролам я заўсёды захаплялася. Ён дапамагаў мне знаходзіць адказы на пытанні, даваў адчуванне, што я не адзінокая і некага хвалююць тыя ж праблемы.
— Якія ў цябе захапленні, акрамя музыкі?
— Геаграфія і літаратура, хоць я вучуся на спецыяльнасці «Геаграфія. Біялогія». На самай справе, я цікаўлюся шмат чым яшчэ. Вакол столькі цікавага і непазнанага! Але самае галоўнае маё захапленне звязана з любоўю да прасторы, да свабоды, да пазнання новага. Без руху няма жыцця! Я не магу сядзець на адным месцы, бо так можна пусціць карані, а мне трэба заўсёды бачыць новыя мясціны, новых людзей. Вандроўкі не дазваляюць сумаваць, трэба толькі мець жаданне і сяброў-спадарожнікаў. Асабіста я люблю наведваць гістарычныя мясціны Беларусі. Туды, дзе жыве гісторыя, дзе я магу дакрануцца да мінуўшчыны, да сцен, у трэшчынках якіх захаваўся пыл стагоддзяў.
А яшчэ я захапляюся літаратурай. Праз кнігі я адчуваю і ўяўляю розныя гістарычныя эпохі. Вялікі ўплыў на мяне зрабілі творы Рэмарка. А яшчэ зачытваюся Франсуазай Саган. Дагэтуль памятаю сваё ўражанне ад першага яе твора, які я прачытала, «Дзень добры, сум».
— Што для цябе ўяўляе самую вялікую каштоўнасць?
— Для мяне, насамрэч, важныя людзі, якія знаходзяцца побач са мной. Без сяброў я не здолела б жыць. І яшчэ без сястры.
— Дзякуй за размову. І яшчэ раз віншую з перамогай у «Бардаўскай восені».
Гутарыла Вікторыя Жук. БДПУ