Таццяна Беланогая: Рабіць прадукт і быць прыгожым!
18.05.2008
«Нарадзілася, вырасла, зразумела, што да чаго, і пачала пісаць песні» – гаворыць Таццяна Беланогая пра сваю біяграфію. Сёння маладая рок-бард-спявачка мае перамогу на музычных фестывалях «Бардаўская восень-2004», «ОРРА-2006» і чатыры запісаныя альбомы. Галоўным у жыцці Таццяна лічыць прыгажосць ва ўсім.
– Таццяна, у прэсе цябе называюць то бард, то рок-спявачкай, ты ўдзельнічаеш у фестывалях аўтарскай песні… Як сама можаш ахарактарызаваць стыль, у якім граеш?
– Хутчэй, гэта акустычны рок: тэмпы, рытмы, тэмы больш вострыя. Але, у той жа час, я і гітара – адно цэлае. Таму, ўсё ж, атрымоўваецца, што я і бард.
– З чаго пачалося тваё знаёмства з музыкай?
– Бацька хацеў, каб я вучылася ў музычнай школе па класу баян. Хадзіла туды месяцы два. Але гэта было відовішча не для людзей са слабымі нервамі, бо я была худой і маленькай, а баян быў удвая большы за мяне… Так што ў мяне ёсць музычная адукацыя. Жарт! (усміхаецца). Мая мама вельмі добра спявала,па яе лініі было шмат артыстычных, харызматычных людзей. А сваю першую песню я напісала ў 16 год. Мая сяброўка грала на гітары і навучыла мяне 4 акордам.
– Як адбываецца працэс стварэння песні?
– Гэта прыходзіць у атмасферы абароненасці, калі нічога цябе не адцягвае. Ты і творчасць, і ніякай зямлі, як я гавару. Вельмі часта бывае так, што мяне нешта кранае: чалавек ці фраза ў аўтобусе. Прыходзіць асацыяцыя, яна можа жыць ува мне месяц ці два, а потым раптоўна перарадзіцца ў песню.
– Свае песні ты пішаш толькі на асабістыя словы?
– Такіх песень большасць, але ёсць і на словы іншых паэтаў: Людмілы Паўлікавай, Наталлі Кучмель… Вельмі шмат на Яўгенію Янішчыц (мару запісаць на яе альбом). Таксама падабаецца англамоўны Робертс Фрост, пераклад з польскай Чэслава Мілаша і Збігнева Герберта. Каб я захацела напісаць песню на пэўны верш, ён павінен быць вельмі рытмічны і прыцягваць сваёй будовай. Пры гэтым я гляджу перш на твор, а потым ужо на асобу.
– Ты і твой лірычны герой – адно цэлае?
– Думкі дык дакладна, дзеянні – не на 100 адсоткаў. Я, напрыклад, усяго баюся – такі «зайчышка-трусішка». Але я працую над тым, каб быць падобнай на свайго лірычнага героя. Гэта ідэал для мяне. Ён прыгожы ва ўсім, і ад яго сыходзіць гэтая стваральная прыгажосць.
– Якія рэчы ты лічыш сваім дасягненнем за мінулыя гады?
– Кожны канцэрт. Калі чалавеку добра, калі яму спадабалася мая песня.
А так - што я перамагла на фестывалі «ОРРА-2006». Я першая, хто перамог з-за мяжы, і гэта стала сапраўдным шокам для палякаў (усміхаецца). І, канечне, перамога на «Бардаўскай восені». Яшчэ быў дзіцячы конкурс «Зоркі Маладзечна», дзе я праспявала дзве песні на словы Яўгеніі Янішчыц. У той час я, пэўна, найбольш радавалася таму, што бацькам добра, што мяне ацанілі.
– Што значаць назвы тваіх альбомаў?
– Назва альбома – гэта яго асноўная канцэпцыя. Пра яе гавораць і вокладкі дыскаў. Калі «Дзвюхкроп’е» – то гэта дзве асобы: Ён і Яна. «Пабачыць сьвет» ілюструе зробленая фотасесія ў метро: нейкае сутарэнне, падзямелле, з якога трэба выйсці, пабачыць свет. «Система координат» – на вокладцы намалявана дрэва. Ёсць нешта зямное, нябеснае, а ёсць пасярэдняе – дрэва, якое злучае сабой дол і паветра. «Там, дзе мы» – выява мяне на фоне натоўпа. Усе мы натоўп, але ён складаецца з асоб. Толькі пры гэтай умове будзе самаарганізацыя і прадукт.
– З чаго пачаць маладому беларускаму барду, які хоча рэалізаваць сябе?
– Першая прыступка – гэта студэнцкая ініцыятыва, выступы перад «сваёй» аудыторыяй, якая цябе слухае і прымае. Прыкладам можна назваць «Зоркі над Мінскам», якія ладзіліся ў педагагічным універсітэце.
Ёсць Клуб беларускіх бардаў на геаграфічным факультэце ў БДУ. Там, з большага, творцы, якія пішуць на рускай мове. У клубе я пазнаёмілася з некаторымі добрымі людзьмі. Але гэта хутчэй «тусоўка», чым прафесійная дзейнасць.
– Пытанне, якое хацелі б задаць многія: чаму твае песні такія сумныя?
– Як навучылі некалі чатыром мінорным акордам, так я на іх і спяваю (усміхаецца). Але ж галоўнае ідзе знутры: калі табе добра, ты будзеш бачыць добрае і спяваць вясёлыя песні. І наадварот. Зараз у мяне пераломны момант – песні пайшлі нейкія рок-н-рольныя, з надзеяй. Напрыклад, «Белая птушка». У будучым магчыма чакаць больш мажорных, аптымістычных песень.
– Як лічыш, тое, што беларускія барды спяваюць сур’ёзныя, сацыяльна вострыя песні – час ці менталітэт?
– Барды – голас народа. Польскія барды на міжнародным фестывалі «ОРРА-2006» спявалі пра футра і нешта падобнае. У іх усё гэта па-прыколу. У нас жа ёсць нейкая сцяна, якую трэба прабіць, і вельмі вялікія ўнутраныя сілы сыходзяць на духоўныя каштоўнасці. Таму, хутчэй за ўсё, прычына ў часе, абставінах. Калі б гэтага не было, магчыма, больш спявалі б пра каханне.
– А якое месца займае каханне ў тваім жыцці?
– Мне падаецца, што я поўнасцю залежу ад кахання. Калі ты атаясамліваеш сябе цалкам з каханым, шчасце гэтага чалавека для цябе найбольшае шчасце. У той жа час, каханне – рухальная сіла для света, але не для творчасці. Бо, калі я кахаю, то мне больш нічога не хочацца. А калі няма адносінаў, то і творчасць ідзе, і альбомы запісваюцца.
– Якія якасці павінны абавязкова прысутнічаць у барда?
- Натуральнасць, шчырасць, не «закос» пад некага, а такая каштоўная прастата, самасць.
– Што акрамя музыкі напаўняе тваё жыццё?
– Дарога, хуткасць, сябры і іх падтрымка, каханне, дом… Я вельмі люблю маляваць. Абажаю тоўстыя рысы прадметаў. Магчыма, гэта кажа пра маю прагу да ідэала, крытычнасць: вось гэта чорны, гэта белы. У якім стылі малюю? Поўны постмадэрн! (усміхаецца). Таксама падабаецца займацца фотаздымкамі. Але музыка заўсёды са мной у жыцці. Нават прадметы я бачу па-музычнаму, яны навяваюць мне нейкую мелодыю.
– Па знешнасці цябе можна аднесці да тыпу – «дзяўчына-восень». А з якой парой года ты сама сябе атаясамліваеш?
– Напэўна, гэта будзе восень. Мне, канечне, хочацца быць і вясной, і летам – такой гарэзлівай, вясёлай… І я магу. Але мне падаецца, што толькі восень мудрая. Гэта глыбокая, філасофская пара.
– Як ты ставішся да слова «зорка»?
– Той, хто выбірае прафесію артыста, музыкі, мастака не сядзіць з даведнікам і не тыкае: я хачу быць артыстам, каб мне кветкі дарылі… Гэта тое, што даецца ад Бога, тое, што ты можаш рабіць прыгожа. Калі людзям падабаецца, што ты зрабіў – гэта тваё. І гэтак з кожным чалавекам, хто майстар сваёй справы. Мы можам тварыць цуды, але для гэтага трэба выбраць сваё месца і працаваць, працаваць, працаваць…
– Твае планы на будучыню?
– Запісаць новы альбом. Ён будзе цалкам сацыяльны, цяжкі, рок-н-рольны. Далей я пакуль не гляджу.
– Што б ты сама хацела дадаць?
– Мы ўсе разам, як ні круці. У сусветным маштабе нават: рускія, палякі, беларусы. Таму не трэба сварыцца. Трэба шмат працаваць над сабой, шукаць аднадумцаў і не марнаваць час, бо кожная хвілінка нашага жыцця – гэта вельмі важна. Рабіць нейкі прадукт і быць прыгожым!
Звесткі:
Таццяна Беланогая нарадзілася 24 чэрвеня 1984 года ў Мінску.
Атрымала адукацыю ў БДПУ па спецыяльнасцях геаграфія і біялогія; англійская мова.
Перамогі ў музычных фестывалях: «Зоркі Маладзечна» (2003), «Бардаўская восень» (2004), «ОРРА-2006».
Альбомы: «Там, дзе мы» (2004), «Пабачыць сьвет» (2006), «Система координат»(2007), «Дзвюхкроп’е» (2008).
Дар’я Гарошка, спецыяльна для UFF-by.org