Навіны

У плакаты з радаснымi тварамi беларускiх сялянак, мне здаецца, нiхто не верыць…

19.03.2007

Гэтая зусiм маладая дзяўчына ўжо даўно вядомая беларускiм аматарам бардаўскай песнi. У 2004 годзе яна стала лаўрэатам фестывалю «Бардаўская восень» у Польшчы. А ў мiнулым годзе Таня заняла першае месца ў мiжнародным конкурсе «OPPA 2006» i атрымала магчымасць запiсу альбома. Праўда, прыхiльнiкi i дагэтуль маглi пачуць Таццянiны спевы ў запiсе — на дыску «Пабачыць свет». Зараз Таццяна Беланогая навучаецца на прыродазнаўчым факультэце ў БДПУ iмя М.Танка. «Калi паступала, было такое рамантычнае памкненне вандраваць па ўсiм свеце, — гаворыць яна. — Але падчас першай практыкi расчаравалася — мы сядзелi ў Мiнску…» Паралельна Таня атрымлiвае другую вышэйшую адукацыю — вывучае англiйскую мову. Вольнага часу, па ўласным прызнаннi, у яе амаль не застаецца. А ў той, што ёсць, Таццяна шмат чытае. Як яна кажа, менавiта лiтаратура прывяла яе ў музыку…

— Мне заўсёды падабалася музыка i лiтаратура, — гаворыць Таццяна. — Можна сказаць, што ў музыку я прыйшла праз лiтаратуру. Бо цiкавiлася беларускай паэзiяй — творчасцю Яўгенii Янiшчыц, Анатоля Сыса. А паралельна на гiтары грала нейкiя дваровыя песенькi. А потым падумала: чаму няма на беларускай мове такiх песень, чаму б iх не скласцi? I так атрымалася, што спалучэнне лiтаратуры i музыкi ў мяне вылiлася ў бардаўскую песню.

— Каму прысвечаны твае песнi пра каханне, калi не сакрэт?

— Песнi пра каханне прысвечаны чалавеку, якi бачыць мой унутраны свет, бачыць ува мне болей, чым iншыя. Для астатнiх людзей я магу праспяваць нешта агульнае. А песнi пра каханне — для двух чалавек, якiя складаюць свой сусвет. Пра гэта можна вельмi шмат казаць. Тэма кахання — галоўная для жанчыны. Гэта нам найперш трэба. Калi кахання няма, то навошта тады мы? Я лiчу, па жанчынах можна меркаваць пра краiну. Калi яна iдзе па вулiцы, стомленая, цягне вялiзныя торбы — i краiна такая самая! Яна мусiць быць шчаслiвай, усмiхацца… А ў плакаты з радаснымi тварамi беларускiх сялянак, мне здаецца, нiхто не верыць.

— Чым дзяўчына-бард адрознiваецца ад iншых асоб жаночага полу?

— Тым, што яна выходзiць на сцэну. А яшчэ тым, што бард умее зняць маску з людзей пры дапамозе слоў i гiтары, «падкавырнуць» так i зняць…

— А што пад маскай?

— Пад маскай — праўда!

— Чым ты захапляешся, акрамя спеваў?

— Мастацтва ў маiм жыццi наогул iграе вялiкую ролю. Я заўжды любiла чытаць, асаблiва — лiставаннi, напрыклад, Жорж Санд з кiмсьцi, цi Цвятаевай з Горкiм… Раней я мела сяброў, з якiмi мы лiставалiся. I гэта былi такiя лiсты, упрыгожаныя, размаляваныя, што iх шкада было дасылаць! Пасля гэта неяк спынiлася… Але нават зараз, калi пiшу камусьцi вiншаванне на свята, то атрымлiваецца цэлы лiст у паштоўцы! Калi ў мяне ёсць асадка i аркуш паперы, адразу ўключаецца нейкi механiзм, i аказваецца, што вельмi шмат хочацца сказаць… Мастацтва наогул для мяне — як каханне. Без гэтага я сябе не ўяўляю! Часам люблю «адводзiць душу»: фатаграфаваць, маляваць. Гэта ўсё, зразумела, не прафесiйна. Я i не называю гэта карцiнамi — так, малюнкi, здымкi… Можна, напэўна, i пра музыку так сказаць. Праўда, цяпер я намагаюся да яе ставiцца больш прафесiйна, сур'ёзна. Таму што ёсць слухачы, якiм мая творчасць цiкавая, i для iх мне не хочацца рабiць «кухонныя» запiсы…

— Банальнае пытанне, але… Як нараджаюцца песнi?

— Яны прыходзяць адразу, нейкай плынню. Я рэдка песнi дапiсваю, перапiсваю. Напэўна, толькi ў адной кампазiцыi «Метро» (яна будзе ў новым альбоме) першы радок я напiсала яшчэ на другiм курсе, а скончыла яе толькi зараз. Але гэта якраз выключэнне, якое пацвярджае правiла. Раней пiсала амаль толькi ў Маладзечне. А цяпер галоўнае, каб побач гiтара была — дома бываю вельмi рэдка! Кожная песня — як першая, не падобная да астатнiх.

— Тваё пакаленне году нараджэння 1984-га адрознiваецца ад iншых?

— Так, не толькi 1984 году, гэтыя межы шырэйшыя. Але мы ўжо не такiя, як, напрыклад, нашы бацькi. У нас iншая кроў — я гэта адчуваю. Час змяняецца, i вельмi хутка. Але наша пакаленне ўжо сфармiравалася, мы нават праз дваццаць год будзем заангажаваныя на палiтыцы. Можа, потым прыйдуць людзi больш спакойныя, дыпламатычныя, талерантныя. А мы застанемся такiмi, як цяпер. Галоўнае — не заганяцца. А то нават у паветры адчуваецца электрычнасць, людзей цiкавiць найперш, каго дзе схапiлi i пасадзiлi, а гэта ўжо хвароба! Трэба пачынаць жыць. Нармальна жыць.

— Твае планы на блiжэйшую будучыню?

— Я хачу жыць.

— А зараз хiба не жывеш?

— А гэта вельмi цяжка, вельмi мала людзей насамрэч жыве. Каб жыць, трэба пачаць з сябе, знайсцi нешта ўнутры сябе, слухаць сваё сэрца. З больш матэрыяльнага — выпусцiць альбом, з'ездзiць на фестываль у Польшчу — Вроцлаў…

— I калi чакаць новы альбом?

— Спадзяюся, што ўвосень. Мы яго ўжо запiсалi, на грошы, якiя я выйграла на Мiжнародным конкурсе «OPPA 2006». Засталося самае цiкавае — афармленне. Палова песень там з папярэдняга альбома «Пабачыць свет», але аранжыраваныя па-iншаму, запiсаныя з iншымi музыкамi. Наогул, я не лiчу «Пабачыць свет» паўнавартасным альбомам. Гэта проста, каб людзi маглi па-за канцэртамi пачуць, што я спяваю. Назва альбома пакуль невядомая — iх прыдумваю не я, а мой сябар Вiталь. Наогул творца не можа быць адзiн, яму патрэбны памагатыя… Таму мне хацелася б падзякаваць Андрэю Плясанаву. Ён адчувае, што мне патрэбна ягоная дапамога, як бацькоўская. I маёй сяброўцы Святлане, Сяргею Будкiну i «Тузiну гiтоў», людзям, якiя робяць мой сайт, майму гiтарысту Змiцеру Крамушчанку.

Інтэрвію газэце «Народная Воля» (15 сакавiка 2007)